Сьмецьце, хлуд, трэш — найгоршае з найкепскага… Мэдсястрычкі-маньячкі і набожныя канібалы. Усё наўмысна-безгустоўнае, крывавае і брыдотнае — усё гэта і ёсьць трэш. Міністэрства культуры Беларусі ніколі не заяўляла: «Здымаем фільмы паводле запаветаў трэш-студыі «Трома»: сэкс і кроў у залімітных дозах, звышнізкі бюджэт!» Але наша краіна — запаведнік адборнага мастацкага сьмецьця. Трэш сёньня — ключавы беларускі стыль. І знак нашага часу. Дасьледуе Андрэй Расінскі.

 

У заражанай зоне

Неяк у сеціве наткнуўся на расейскі клюб заўзятараў трэшу. У сьпісе ўрачыстых праглядаў разам зь фільмамі Цібара Такача й «найгоршага рэжысэра ўсіх часоў» Эда Вуда ганаровае месца займала беларуская карціна — «Рэйнджар з атамнай зоны» Вячаслава Нікіфарава.

Грудастыя прастытуткі Чарнобыльскай зоны, недарэчныя эратычныя сцэны, безгустоўная страляніна — усё гэта расквеціць любую кінамакулятуру.

Але Нікіфараў — аўтар клясычных экранізацый «Дуброўскага», «Бацькоў і дзяцей» — профі, які й не зьбіраўся здымаць сьмецьце. Проста «Рэйнджар» — жанр для яго чужы, нязручны й неасвоены, а недаробленыя, неахайныя вобразы нізкага жанру заводзяць нас у заражаную зону, дзе пануе хлуд.

 

Вайна «Прастытуткі» зь «Лясной быльлю»

Трэш люляецца ў калысцы кожнай культуры. Нават само нараджэньне высокага й паважанага сёньня кіно адбывалася пад кірмашовыя крыкі й балаганныя воплескі.

У беларускай культуры на ролю першага фільму — разам зь «Лясной былю» Тарыча — прэтэндавала й камэрцыйна-забаўляльная «Прастытутка».

Апісаньне гэтага рарытэту не пакідае сумневу ў трэшавасьці тагачаснай кінапрадукцыі. «Забітыя жыцьцём» жарсьці, табліцы вэнэрычных захворваньняў, прытоны… Мастакі не хавалі пагарды, але цікава, што «клубнічна»-сьмецьцевыя люлі ганараваныя тытрамі Віктара Шклоўскага, культавага расейскага інтэлектуала.

 

Імпэт Цэнзара

Лінію «Прастытуткі» працягнуў Юры Цьвяткоў, цяпер кіраўнік Дзяржрэгістру. Але карціны, калісьці зробленыя ім, напоены радасьцю й непасрэднасьцю наіўнага трэшу. Чаго вартая камэдыя «Гэтая вясёлая плянэта»: іншаплянэтнікі трапляюць на сустрэчу Новага году: недарэчныя касьцюмы, замілаваньне й ап’янела-лёгкая бутафорыя пераплюнуць любых «Клоўнаў-забойцаў з далёкага космасу».

Цьвяткоў даказаў: трэш — гэта ня толькі тромаўскія кроў, мяса і язык на бак, але й беларуская цнатлівасьць у квадраце, музычныя дрындушкі за кадрам і кола ад ровару ў якасьці іншаплянэтнага прычындала.

 

Паўлінка, знойдзеная на сьметніку

«Пасьля кірмашу» Цьвяткова — гэта экранізацыя знакавай п’есы «Паўлінка»; сцэнар фільму склаў Андрэй Макаёнак, акторамі былі Галіна Макарава й Міхаіл Пугаўкін, музыку напісаў Яўген Глебаў.

Але «Паўлінка» атрымалася адлякаванай мыльнаопэрнай дамаю ў этнаграфічным касьцюмчыку з тэатральнымі прыбамбасамі.

Дурацкія скокі, лёгкае камікаваньне, этнаграфічная бутафорыя выстаўленыя рэжысэрам з замілаваньнем і неабавязковасьцю ахайнага й чысьценькага кінасьмецьця.

Дык ці ня ёсьць кіна-Паўлінка Цьвяткова сапраўдным узнаўленьнем таго, што насамрэч напісаў Купала, — лёгкім, нязмушаным і неабавязковым трэшам?

Ці ня з трэшу пачыналася новая беларуская культура? Трэшу, які знаходзіць сваё месца наўзбоч ад «высокаакадэмічных» суседніх культур, які наўмысна прыкідваецца «дурным як варона», які апранае кажух Мацея Бурачка і песьціць на галаве каўтун?

 

«Мне мамку зарэзалі немцы…»

Трэш — гэта рэзэрвацыя, дзе ўсе аўтары, незалежна ад іхняга таленту, становяцца аднолькава «бяздарнымі» (часам наўмысна) — і кірмашова-імпэтнымі. Крытыкі дасюль пакутуюць у роздумах, як ставіцца да апошніх вершаў Купалы. А ён проста гуляў тут па правілах трэшу. Некаторым ягоным радкам пазайздросьцілі б любыя трэш-сцэнарысты: «Мне мамку зарэзалі немцы, сястрычку спалілі жыўём. Дык хай жа кроў чорная льецца, іх псіная кроў ручаём…» — гэта зь вершу «Хлопчык і лётчык на вайне».

І ў савецкага Купалы не адзін такі хлудны верш. 1930-я насычаныя «тапельцамі» ў Вісьле, «бандай трацкісцкай», якую «асіна адкіне», штучным шчасьцем — ажно пільны крытык з наганам Лукаш Бэндэ заўважыў, што тагачасныя Купалавы творы не адпавядаюць таленту: неахайныя, нядбайныя, зь няправільнай рыфмай — без душы.

Яны пад эпоху — трэшавыя.

 

Эратычныя ночы «Сатанінскага туру»

Куды натуральнейшы трэш у Івана Шамякіна, выдатнага бульварнага пісьменьніка. Модніцы-даяркі, якія адстойваюць права на асабістае жыцьцё ў сацспаборніцтве, дазаваныя эратычныя сцэнкі. Але самы круты трэш — «Сатанінскі тур», калі аўтар быў разгублены перабудоваю і канчаткова страціў пачуцьцё меры. Шлюндра заражае СНІДам хабарніка, чаўнакі вязуць у аўтобусе труп і выдаюць за жывога — характараў няма, затое якая энэргетыка!

Перабудовачная эпоха спараджала самыя чыстыя дыямэнты сьмецьця: можна паказваць забароненае, але аўтарскія сілы загубленыя, а ўлады жанравых традыцый — што хоць неяк дазваляе трымаць форму — пакуль няма.

 

Д’ябал у шафе і палюбоўніца Берыі

Сярод тагачасных дыямэнтаў — непераўзыдзены трэш-шэдэўр кінарэжысэра Віталя Дудзіна «Д’ябал» («Бес»). Д’ябал у шафе з голымі бабамі грае ці то на баяне, ці то на гітары; дзяўчынка (амаль праз увесь фільм аголеная) атручвае ўласную бабулю; бабка (сэксапільны грудасты труп у выкананьні Маі Булгакавай) апавядае, як ёй хораша было з Лаўрэнціем Берыем.

Шкілеты ў саванах ідуць праз горад, і — самая выбітная сцэнка — душа (з воблаю ў руках) стаіць над сваім целам, а мэдсястрычка-істэрычка ломіцца ў апэрацыйную…

«Д’ябал» Дудзіна — самы чысты, нязмушаны й геніяльны беларускі хлуд.

 

Шэдэўр паводле Чаргінца

Здавалася, па вайсковай тупасьці й недарэчнасьці немагчыма пераплюнуць тромаўскіх «Нацыстаў-сэрфінгістаў, якія мусяць памерці»: састарэлая й помсьлівая амэрыканка з наганам перасьледуе на матацыкле нацыстаў-сэрфінгістаў і давіць катэрам сэрфінгіста Адольфа.

Рэжысэр Юры Бяржыцкі даказаў, што пераўзысьці можна ўсё. Пасьля карціны «Вам — заданьне» паводле М.Чаргінца вайсковую тэму ў беларускім кіно можна лічыць закрытаю, бо бязь сьмеху глядзець на людзей у мундзіры нельга.

Няма аніводнага штампу беларускага вайсковага кіно, які ня быў бы даведзены ў гэтым фільме да абсалютнага, глыбіннага і сумленнага маразму.

Нават сцэна спаленьня жыўцом людзей — якая мусіла быць сур’ёзнай! — зьнятая так, што здольная выклікаць зайздрасьць камэдыёграфаў.

Людзі сагнаныя ў хату: выцьцё і лямант. Раптам — ні з пушчы ні з поля — з радаснымі (!) тварамі плякатных герояў яны выбіваюць дзьверы — і разьбягаюцца.

Бравурная вайсковая статыстыка (самае ачалавечанае ў фільме), мэляман-нацыст, раптам забіты кепскім панам (сцэнка яшчэ тая), — і над усім гэтым энкавэдыст зь нявестаю, сьветлы вобраз якога настолькі ідыятычна-шчасьлівы і правільны, што можа быць толькі мараю сёньняшняй улады.

Адбываецца вяртаньне да самага адлякаванага «саўка», але безь ягонай крыві, плоці, энэргіі — і нават безь ягонай фальшывай «праўды», але з паўторамі і з выключнай, замілавальнай бяздарнасьцю.

 

Марат Казей і калдыры

Хлуд савецкай эпохі не адпускае і незалежных беларускіх трэшмэйкераў. Так вайсковыя атрыбуты нечакана засьвяціліся ў праекце «Навінак» — фільме «Случай з пацаном». Уступная застаўка студыі «Навінкі Home Video» ўяўляе сабой Марата Казея з гранатай.

У засені Марата Казея пазыцыянавалі сябе й «Зубры», якія вызначыліся трэш-акцыямі, дзе за «лыжнікам» ганяліся псыхіятрыні, а за імі — сапраўдныя міліцыянты.

Але найлепшая кампанія для Марата Казея — «Саша і Сірожа» — самае камэрцыйнае беларускае сьмецьце апошніх часоў. Два прыдуркі, якія гутараць на трасянцы, гопнікі й калдыры — яны даводзяць да сьцёбнага сур’ёзу штампы, забабоны й пагалоскі.

Мілыя бутафорскія морды хаця й не выпівалі пад «помнікам з гранатаю», але прынялі б манумэнт у сваю кампанію (і выклікалі раздражненьне афіцыёзу). Проста ў афіцыёзу свой — і манапольны — стыль. Гэты стыль — трэш-афіцыёз.

 

Трэш-афіцыёз і вызваленьне

Цяжка пераплюнуць Усенароднаабранага ў лыжных забегах па асфальце. А сэлектарныя нарады па ўгнаеньнях? Уключыце тэлебачаньне — на вас патокам пальецца трэш безь берагоў і бязь межаў…

«Я знайшоў яго на памыйніцы!» — гэта ня проста абраза й крык душы. Гэта глыбінная дзяржаўная палітыка.

Галоўны стыль сёньня — гэта трэш-афіцыёз, бо сьцьвярджаецца ізаляцыя, маргінальнасьць, адкінутасьць Беларусі. Беларусь як сьметніца савецкай прасторы.

І што рабіць з гэтымі горамі хлуду, зь яго абсалютным і задоўжаным панаваньнем?

Даводзіць да абсурду і перапрацоўваць.

У справе давядзеньня да абсурду зуброўскія псыхіятры — самае адэкватнае. Хаця сёньня нават і даводзіць ня трэба — дастаткова адбіраць і паказваць. Перапрацоўка старога хлуду стварае новую культуру.

Таму на развалінах трэш-афіцыёзу няхай жыве беларускі трэш!

І новая высокая культура, якая з гэтага вырасьце.

Поделиться в соц. сетях

Ещо интерессного:

One Response to “Иной взгляд – Трэш”

  1. Довольно интересно, но более интересно было бы посмотетбь тот самый белорусский трэш , а не читать

Leave a Reply

*
To prove you're a person (not a spam script), type the security word shown in the picture. Click on the picture to hear an audio file of the word.
Click to hear an audio file of the anti-spam word